A R C H E П а ч а т а к № 12 (52) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


12-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  ПАВАЛ АБРАМОВІЧ

Вокладка «ARCHE» №12
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Павал Абрамовіч
Хадановіч і «Люфтганза»

Product placement (згадваньне ў літаратурным творы гандлёвых марак за грошы) — зьява, не характэрная для сучаснай беларускай літаратуры і не рэгуляваная законамі свабоднага рынку. Аднак гэта ня значыць, што ў нашай літаратуры нямашака згадак ці апісаньняў фірмовых марак, тавараў ці паслуг. Найчасьцей іх можна сустрэць у вершах Андрэя Хадановіча. Тут няма нічога дзіўнага, бо менавіта гэты беларускі паэт актыўна перастварае рэчаіснасьць, якая перанасычана моднымі лэйбламі і гандлёвымі знакамі: «Тваіх кішэнных / хапае роўна на шэсьць кухляў Weissbier…» («Сухі закон»), «Усе чатыры акардэаністы / зь фірмовымі «Вэльтмайстарамі». / (Я бачыў такія ў Музэі музычных інструмэнтаў.)» («Унтэр дэн Ліндэн») ці «…ды на прыборы ад фірмы «Прамень» / блісьне агнём аднайменны прамень» («Дождж запой і вясёлка»).

А мо я памыляюся, і «пералётныя анёлы «Люфтганзы» — тое ня проста мэтафарычны радок зь вершу Хадановіча «Прагноз надвор’я», а сапраўдны product placement?

ТАЛСТОЙ І 1863 ГОД

Напачатку траўня 1863 году Леў Талстой пісаў да Афанасія Фета: «У мяне і пчолы, і авечкі, і новы сад, і вінакурня. І ўсё ідзе патрошку, хоць, зразумела, кепска ў адносінах да ідэалу». І раптам — безь пераходу, без абзаца, быццам думка гэтая была прадыктаваная боязьзю за сваю маёмасьць, гаспадарку, хай і далёкую ад «ідэалу»: «Што вы думаеце пра польскія справы? Бо справа ж кепская, ці ня прыйдзецца нам з вамі і з Барысавым ізноў здымаць меч з іржавага цьвіка?»

Але расейская ваенная машына абышлася без 35-гадовага Талстоя: ужо ў верасьні 1863 году паўстаньне было практычна падаўленае. Паводле афіцыйных зьвестак 128 чалавек былі пакараныя сьмерцю, 12 483 — сасланыя. Застаецца дадаць, што праз два гады пасьля гэтага ў часопісе «Русский вестник» зьявілася першая частка першага тому «Вайны і міру».

БЫКАЎ І ДЫЯЛЁГ

У незавершанай аповесьці Васіля Быкава «Бліндаж» (Дзеяслоў. № 24. 2006) ёсьць месца, дзе стаіць аўтарскае шматкроп’е: яно зроблена там, дзе мусіла быць пазначана назва маркі цыгарэт, якія курыў нямецкі салдат. Што ж, гэты прабел здольны запоўніць любы літаратурны рэдактар. Салдаты і афіцэры вэрмахту курылі «R6», «Ernte 23», «Reval» і «Rot-Handle» — цыгарэты і папяросы асноўных марак таго часу, і толькі пасьля Сталінграду мусілі перайсьці на «кардонныя» эрзац-папяросы. Каб жа гэтак лёгка можна было дапісаць канцоўку аповесьці! Аднак тое немагчыма. Нават цяпер, калі ў літаратуры модным зрабілася дапісваць-перапісваць клясыку, зьмяняючы сюжэты і фіналы твораў. Адзінае, на што пайшоў часопіс «Дзеяслоў» — «зманціраваў» паводле аўтарскіх запісаў плян заключных частак «Бліндажа» (гэтая цалкам навуковая праца была зроблена Алесем Пашкевічам) і зьмясьціў яго ў канцы часопіснай публікацыі аповесьці. Амаль завершаны ў 1987 годзе твор нарэшце трапіў да чытача.

Тым ня менш знайшліся людзі, якія абрынуліся на «Дзеяслоў» з крытыкай за публікацыю «Бліндажа»: на іхны погляд, рэдакцыя ня мела маральнага права друкаваць няскончаную аповесьць, нешта там «манціраваць», бо гэта прыніжае постаць пісьменьніка. Гэтыя людзі, відаць, ужо адлілі для сябе помнік Быкаву і пазалацілі яго, а цяпер старанна ахоўваюць ад усіх «нядобразычліўцаў».

Клясык, як пісаў Юры Лотман, заўсёды застаецца жывым, таму што скрозь віхуры стагодзьдзяў знаходзіцца ў пастаянным дыялёгу з чытачом. У тым, што наша размова з Быкавым не перарываецца, ёсьць заслуга і «Дзеяслова».

УЭЛЬБЭК І МІНЭТ

Апошнім часам прысьвячаць колькі радкоў новым чальцам ці Эўразьвязу стала bon ton у эўрапейскай літаратуры. Так, у рамане каталёнца Альбэрта Санчэса Піньёля «У п’янкой цішыні» (2002) згадваюцца вучоныя з Кіеўскага ўнівэрсытэту, у рамане француза Фрэдэрыка Бэгбэдэра «Рамантычны эгаіст» (2005) апісваецца віленскі аэрапорт, наведнікі модных латыскіх клюбаў і поўня, «насаджаная на шпіль тэлевізійнай вышкі ў агромністым марозным небе Рыгі». А ў яшчэ аднаго француза, Мішэля Ўэльбэка (раман «Магчымасьць выспы», 2005), можна прачытаць пра беларусаў, дакладней, беларусак. Герой Уэльбэка, эстрадны комік Даніель, зайшоўшы па справах у рэдакцыю жаночага часопісу, захацеў «зьняць» прадстаўніцу нашай краіны, якая чакала сваёй чаргі, каб сфатаграфавацца для выданьня. Бедны Даніель, ён нават не здагадваўся, чым абернецца ягоная прапанова: мінэт дзяўчына ацаніла на паўтысячы эўра. «Пяцьсот эўра за мінэт — дый хто яна такая, гэтая славянка? Тое каштуе ад сілы пяцьдзясят, ня болей», — кідае злосна герой раману (мільянэр, дарэчы).

Цікава, адкуль у аўтара такое ўяўленьне аб нашых жанчынах? Хутчэй за ўсё, яно сфармавалася не без удзелу мас-мэдыяў. А мо і сапраўды яму стрэлася такая беларуска?..

Уэльбэк, чые кнігі карыстаюцца попытам сярод інтэлектуалаў розных краінаў сьвету, некалькімі радкамі тэксту ператварыў у пыл тыя вялікія грошы, якія беларускае кіраўніцтва выдаткоўвае на стварэньне пазытыўнага іміджу краіны. Хоць, зрэшты, адмоўная рэкляма — таксама рэкляма.

БАГУШЭВІЧ І ЧУЖЫЯ ГРОШЫ

У лісьце да Яна Карловіча, напісаным у 1885 г., Францішак Багушэвіч распавёў пра «ненатольнае жаданьне знайсьці на вуліцы згубленыя кімсьці (ня думаючы пра тое, хто згубіць) грошы на заспакаеньне маіх патрэб». «Дык вось тое жаданьне знайсьці столькі згубленых грошай, колькі мне трэба, — дзяліўся далей патаемнымі думкамі аўтар «Дудкі беларускай», — даходзіла да маніі, і мне ўрэшце здавалася, што я павінен знайсьці, бо інакш здабыць іх ня мог, нягледзячы на ўсе свае высілкі, а прасіць ці ўкрасьці ня мог».

Прырода чалавека не зьмяняецца: мара знайсьці грошы, «ня думаючы пра тое, хто згубіць», ва ўсе часы вярэдзіла людзкую душу. Пісьменьнікі і літаратурныя крытыкі тут не выключэньне. Галоўнае, ня быць скнарай і, уважліва гледзячы пад ногі, прагнуць знайсьці столькі грошай, колькі трэба на гэты момант. Тады абавязкова пашчасьціць. Як Багушэвічу: у час студэнцтва яму тэрмінова спатрэбіліся два рублі, і ён знайшоў іх на Васілеўскай высьпе.

БУЛЕ І ЗМАГАНЬНЕ З КЛЯСЫКАЙ

Перакладчык Ота Буле ў артыкуле «Складаны продаж: расейская літаратура ў Галяндыі» (Октябрь. № 10. 2006) распавядае пра цяжкасьці, якія напаткалі найноўшую расейскую літаратуру ў гэтай краіне. У той час, як расейская клясыка карыстаецца ў галяндцаў нязьменным посьпехам (так, за шэсьць месяцаў гэтага году ў Нідэрляндах прададзеныя чатыры тысячы асобнікаў раману Фёдара Дастаеўскага «Браты Карамазавы», які выйшаў у новым перакладзе), кнігі сучасных аўтараў з Расеі яны набываюць зь меншай ахвотай (да прыкладу, з паўтаратысячнага накладу трагікамічнага раману Валер’я Залатухі «Апошні камуніст» пра сацрэалістычнае мастацтва і жыцьцё савецкага грамадзтва ў брэжнеўскі час было прададзена толькі шэсцьсот экзэмпляраў). На думку О. Буле, пераканаць галяндцаў пры дапамозе маркетынгавых сродкаў у тым, што ім неабходна набываць творы сучасных расейскіх аўтараў, замінае «агульная тэндэнцыя сучаснай расейскай літаратуры да некаторай зацыкленасьці на абыгрываньні і дэканструкцыі савецкіх мітаў і ідэалягемаў». Як вынік, «навейшая расейская літаратура часта ўспрымаецца як тэматычна занадта вузкая, якая хутка губляе сваю актуальнасьць». Вось чаму сучасную літаратуру галяндзкі чытач абыходзіць увагай. У бліжэйшы час, мяркуе О. Буле, сытуацыя на рынку ня зьменіцца.

Гэты артыкул актуальны і для беларускай літаратуры. Нашыя пісьменьнікі займаюцца аднаўленьнем/дэмантажом савецкіх ідэяў і канцэпцыяў альбо сыходзяць у «гістарычнае» вымярэньне — пішуць пра вялікага князя Альгерда альбо правінцыйную Воршу 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя. З аднаго боку, гэтыя пераважным чынам часопісныя публікацыі сёньня застаюцца невядомыя прамому адрасату — масаваму беларускаму чытачу. З другога боку, падобныя творы заўтра нічога ня скажуць замежнаму чытачу, як гэта ўжо адбылося ў Галяндыі з сучаснымі расейскімі літаратарамі.

Я ня веру, што айчынныя празаікі не зацікаўленыя ў тым, каб іхныя кнігі чыталі. Але яны самі асуджаюць сябе на забыцьцё, паразу. Перамогу ж ізноў будзе сьвяткаваць яе вялікасьць Клясыка.

  літаратурны крытык. Рэгулярна друкуецца ў «ARCHE».
Пачатак  Цалкам Форум

№ 12 (52) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/03/03